«Выбранае» — персанальная выстава скульптуры і графікі Анатоля Арцімовіча. Прысвячаецца 85-годдзю мастака


15 сакавіка ў 16:00 ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы вядомага беларускага скульптара, мастака, педагога, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь — Анатоля Яфімавіча Арцімовіча пад назвай «Выбранае». Выстаўка адкрые серыю праектаў 2024—2025 гг., прымеркаваных да 85-годдзя мастака і пазнаёміць наведвальнікаў са станковымі скульптурнымі творамі, графічнымі кампазіцыямі, фатаграфіямі рэалізаваных манументальных работ, у якіх раскрываецца светапогляд, асноўныя філасофскія ідэі і творчыя тэмы мастака.

Анатоль Арцімовіч — адзін з найбольш яркіх і вядомых майстроў скульптуры свайго часу. Манументальныя творы мастака атрымалі шырокае прызнанне ў нашай краіне. Педагагічны талент прафесара Арцімовіча дазволіў раскрыцца таленту цэлай плеяды маладых беларускіх скульптараў, якія прадстаўляюць сёння галоўныя творчыя сілы Рэспублікі Беларусь.

Сярод найбольш вядомых манументальных работ скульптара: «Курган Славы» (у суаўтарстве з А. Бембелем, А. Стаховічам), Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» (кампазіцыя ўваходу ў мемарыял), кампазіцыя гарэльефа «Салідарнасць» для Мінскага Дома мадэляў (сумесна з А. Яскіным), помнік Ізяславу і Рагнедзе ў Заслаўі, помнік Еўфрасінні Полацкай у Мінску, помнік Францыску Скарыну ў Калінінградзе і многія іншыя творы.

Прадстаўленыя на выставе скульптуры канцэптуальна разнастайныя, яны раскрываюць багацце тэхнік і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца аўтарам, што дазваляе маштабна ацаніць творчасць мастака.

Выстава працягнецца да 19 красавіка 2024 года, чакаем вас на выставе!

388