IV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі»

4—6 кастрычніка 2019 года ў чацвёрты раз у Рэспубліцы Беларусь пройдзе Нацыянальны форум «Музеі Беларусі». За сем год форум стаў важнай і доўгачаканай падзеяй у культурным жыцці краіны. Прадстаўнікі музейнай супольнасці Беларусі, а таксама госці з-за мяжы збіраюцца разам на некалькі дзён у адным з гарадоў краіны, каб абмеркаваць актуальныя пытанні музейнай дзейнасці, вызначыць тэндэнцыі яе развіцця, прадэманстраваць свае дасягненні: праекты, праграмы, канцэпцыі.

Традыцыйна форум уключае чатыры мерапрыемствы: экспазіцыя, дэманстрацыйная праграма, дзелавая праграма і конкурс прафесійнага майстэрства. Кожнае мерапрыемтва служыць асноўным мэтам Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі»: папулярызацыя ўнікальных культурных традыцый і выдатных дасягненняў, прадстаўленне беларускіх музеяў і іх дзейнасці, прасоўванне інавацыйных падыходаў і сучасных інфармацыйных тэхналогій у музейнай справе, кансалідацыя музейнай супольнасці, павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў форуму, пашырэнне партнёрства паміж музеямі і арганізацыямі з іншых абласцей прафесійнай дзейнасці, развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей.

Кожны год Арганізацыйны камітэт выбірае тэму форуму, якая задае накірунак усяго мерапрыемства. Тэма не толькі адлюстроўвае тэндэнцыі развіцця музея як грамадскага інстытута, але і задае ўзровень для музеяў краіны, вызначае арыенціры для будучых перамен: «Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю» (2012), «Музей і грамадства: ад камунікацыі да ўзаемадзеяння» (2014), «Музей у новай крэатыўнай эканоміцы» (2016), «Музей: навука, інавацыя, камунікацыя» (2019). Розныя акцэнты — адна сутнасць: форум адлюстроўвае тую трансфармацыю, якая адбываецца сёння з беларускімі музеямі. Ён дэманструе нам Музей, скіраваны ў будучыню, Музей, які стварае перамены, Музей, які гатовы да дыялогу і супрацоўніцтва.

Розныя гарады рэспублікі прымалі Нацыянальны форум «Музеі Беларусі», прыўносячы нешта сваё ў атмасферу мерапрыемства. Першы форум прайшоў у 2012 годзе ў Гродна. Другі форум быў арганізаваны ў 2014 годзе ў Гомелі. Трэці форум у 2016 годзе прымаў Магілёў. У 2019 годзе Нацыянальны музейны форум пройдзе ў Брэсце, які ў гэтым годзе адзначае сваё тысячагоддзе. На тры дні ён стане музейнай сталіцай краіны. А праз тры гады будзе абраны новы горад, новая тэма, новая сустрэча, каб паказаць, падзяліцца, абмеркаваць.

На партале «Музеі Беларусі» (museum.by) у раздзеле «Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» размешчана інфармацыя пра наступны чацвёрты форум, які пройдзе з 4 па 6 кастрычніка 2019 года ў горадзе Брэсце.

У раздзеле прадстаўлены Канцэпцыя форуму, Інструкцыя аб арганізацыі мерапрыемства, Лагатып форуму, інфармацыя аб правядзенні конкурсу прафесійнага майстэрства і Форма заяўкі на ўдзел у конкурсе.

Новыя матэрыялы і інфармацыя аб правядзенні ІV Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» будзе размяшчацца ў гэтым раздзеле па меры паступлення, сачыце за абнаўленнямі!

Да сустрэчы на музейным форуме,
каманда партала «Музеі Беларусі»
.




Перайсці да інфармацыі пра ІV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі»